Дзяржава як перпетратар: лічбавы гендэрны гвалт у Беларусі

Аналітыка

Тэхналагічна абумоўлены гендарны гвалт (technology-facilitated gender-based violence, TFGBV) у міжнароднай літаратуры апісваецца перш за ўсё як міжасабовы: былыя партнёры, пераследнікі, ананімныя тролі. Беларускі выпадак уладкаваны інакш.

Мы прааналізавалі 7 814 дакументаў з корпуса FORESIGHT, які ахоплівае дзяржаўныя, прарэжымныя і незалежныя медыя і тэлеграм-каналы. Найбуйнейшым перпетратарам гендарнага лічбавага гвалту ў беларускай інфармацыйнай прасторы аказалася дзяржава: сілавыя структуры, прапагандысцкая тэлеграм-вертыкаль і дзяржаўныя медыя разам адказваюць за 42% задакументаваных беларускіх выпадкаў гендарна абумоўленага гвалту. Гэта больш, чым ананімныя злачынцы (26%) і міжасабовы гвалт (19%). А з дакументаў, якія самі з’яўляюцца актамі гвалту (доксінг, распаўсюд сексуалізаваных фэйкаў, здзек з ахвяр), 99% створаны дзяржаўным і прарэжымным сегментам.

Што такое TFGBV

Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (UNFPA) вызначае TFGBV як акт гвалту, учынены, падтрыманы ці ўзмоцнены з выкарыстаннем лічбавых медыя або інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і скіраваны супраць чалавека паводле прыкметы яго гендару. Тыпалогія ўключае доксінг (публікацыю асабістых даных), распаўсюд інтымных выяў без згоды, сексуалізаваныя дыпфэйкі, сексторшн, кіберсталкінг, анлайн-харасмент. Ключавы тэзіс рамкі UNFPA: кантынуум. Гвалт, які пачаўся анлайн, эскалуе ў фізічную прастору, а самацэнзура жанчын пад пагрозай лічбавага гвалту збядняе публічную сферу і шкодзіць дэмакратыі.

Прававая рамка вакол гэтага вызначэння за апошнія гады стала канкрэтнай. GREVIO, орган маніторынгу Стамбульскай канвенцыі, у 2021 годзе прыняў Агульную рэкамендацыю №1 пра лічбавае вымярэнне гвалту супраць жанчын; CEDAW яшчэ ў 2017 годзе (Агульная рэкамендацыя №35) распаўсюдзіў паняцце гендарнага гвалту на лічбавае асяроддзе. Дырэктыва ЕС 2024/1385 абавязвае дзяржавы-члены крыміналізаваць распаўсюд маніпуляваных інтымных матэрыялаў, уключна з дыпфэйкамі, з тэрмінам транспазіцыі да 14 чэрвеня 2027 года; Латвія ўжо ўвяла адпаведны артыкул 145¹ Крымінальнага закона, які дзейнічае з 16 красавіка 2026 года. Нарэшце, у сакавіку 2026 года Камітэт міністраў Савета Еўропы прыняў Рэкамендацыю CM/Rec(2026)2, першы міжнародны стандарт, прысвечаны менавіта адказнасці за тэхналагічна абумоўлены гвалт супраць жанчын і дзяўчат. Усе гэтыя інструменты зыходзяць з адной перадумовы: дзяржава хоча прыцягнуць перпетратара да адказнасці.

Нашы даныя пацвярджаюць кантынуум, але паказваюць, што ва ўмовах Беларусі ён інстытуцыялізаваны, а перадумова міжнароднай рамкі не выконваецца. Публікацыя асабістых даных у тэлеграм-канале і наступнае затрыманне звязаны не збегам абставін: паміж імі стаіць ГУБАЗіК, для якога такія публікацыі служаць рабочым матэрыялам.

Як мы лічылі

З корпуса FORESIGHT (каля 3,6 мільёна дакументаў беларускай інфармацыйнай прасторы па стане на жнівень 2026 года) па васьмі пошукавых індыкатарах было адабрана 7 814 унікальных дакументаў за 2018–2026 гады. Індыкатары: доксінг, інтымныя выявы, анлайн-цкаванне, дыпфэйкі, сексуалізаваныя фэйкі, прымусовыя «пакаянныя відэа», атакі на жанчын-журналістак і актывістак, рамачны дыскурс пра лічбавы гвалт.

Кожны дакумент незалежна кадаваўся двума LLM-анататарамі паводле адзінага кодбука, пабудаванага на гласарыі UNFPA: рэлевантнасць, форма гвалту, гендарная абумоўленасць, пол і катэгорыя ахвяры, тып перпетратара, функцыя дакумента (асвятленне падзеі або сам акт гвалту). Міжмадэльная згода вымяралася капай Коэна: ад κ=0,83 («амаль ідэальная») па полу ахвяры да κ=0,36 па полі гендарнай абумоўленасці, самым інтэрпрэтацыйным у кодбуку. Разыходжанні (34% дакументаў) вырашаў трэці, мацнейшы LLM-анататар, які кадаваў усляпую; фінальная пазнака прысвойвалася большасцю галасоў. 64% фінальных пазнак аднагалосныя. Ядро кейсаў, на якіх грунтуюцца высновы, дадаткова верыфікавана ўручную. Поўная табліца згоды прыведзена ў метадалагічным дадатку.

Вынік: 2 671 дакумент прызнаны такім, што датычыць TFGBV; 2 420 з іх датычаць Беларусі, беларусаў ці беларускай дыяспары, астатнія асвятляюць замежныя кейсы. З відавочнай гендарнай абумоўленасцю гвалту (ахвяра атакаваная як жанчына або праз сексуалізацыю і гендарныя стэрэатыпы) размечана 868 дакументаў, з іх 711 беларускіх. Там, дзе сцвярджэнне датычыць беларускай экасістэмы, ніжэй прыводзяцца лічбы па беларускім падмностве. 87% ахвяр у гэтай групе складаюць жанчыны.

Этычная заўвага. Публікацыя называе па імені толькі тых жанчын, якія самі зрабілі свае гісторыі публічнымі, не ўзнаўляе ні выяў, ні спасылак на іх і апісвае патэрн, а не асобныя «анлайн-драмы».

Падзел працы: хто асвятляе і хто ўчыняе

Кодбук адрозніваў функцыю дакумента: асвятленне выпадку гвалту, сведчанне ахвяры, прафілактыка, альбо перпетрацыйны артэфакт, гэта значыць дакумент, які сам з’яўляецца актам гвалту: пост з асабістымі данымі, распаўсюд фэйкавых інтымных выяў, здзек з ахвяры.

Функцыя дакумента Прарэжымныя ТГ Дзяржмедыя і дзяржструктуры Незалежныя
Асвятленне 108 313 1 474
Перпетрацыйны артэфакт 195 25 1
Крымінальная хроніка 1 136 56
Прафілактыка 4 103 12
Сведчанне ахвяры 1 1 60
Функцыя дакумента па сегментах
Мал. 1. Функцыя дакумента па сегментах корпуса. Лаймавы блок: дакументы, якія самі з’яўляюцца актамі гвалту.

З 222 перпетрацыйных артэфактаў 220 (99%) створаны дзяржаўным і прарэжымным сегментам. Экасістэма, якая ўчыняе гвалт, і экасістэма, якая яго дакументуе, практычна не перасякаюцца. Пры гэтым дзяржаўны дыскурс пра лічбавы гвалт існуе, але выключна ў двух жанрах: апалітычная крымінальная хроніка (сексторшн, махляры) і «абарона дзяцей у інтэрнэце». Рамачная мова гендарнага лічбавага гвалту сустракаецца ў 33 дакументах на ўвесь корпус, амаль цалкам у незалежным сегменце.

Беларуская форма: прымус да публічнага прыніжэння

Самая масавая форма TFGBV у корпусе (850 дакументаў, з іх 825 беларускіх) адсутнічае ў тыпалогіі UNFPA як асобная катэгорыя. Гэта прымусовыя «пакаянныя відэа». Запісанае пад ціскам сілавікоў відэапрабачэнне, якое распаўсюджваецца праз праўладныя каналы, злучае афлайн-прымус з лічбавым прыніжэннем і працуе як інструмент запалохвання аўдыторыі.

Формы TFGBV у корпусе
Мал. 2. Формы гвалту ў 2 671 дакуменце: кожны квадрат адзін дакумент.

Тут трэба растлумачыць, каго беларускі рэжым лічыць «сваімі», а каго «іншымі». Мяжу вызначае лаяльнасць, не сацыяльнае становішча і не пол: «сваіх» складаюць дзяржаўны апарат, сілавыя структуры, работнікі бюджэтнай сферы і лаяльная аўдыторыя дзяржмедыя; «іншымі» становяцца ўсе, хто звязаны з пратэстам 2020 года, з незалежнымі медыя ці з дыяспарай. У слоўніку прарэжымных каналаў, які добра бачны ў нашым корпусе, гэта «змагары», «экстрэмісты», «беглыя». Гендар задае спосаб, якім чалавека ператвараюць у «іншага». Жанчын пазбаўляюць суб’ектнасці праз сексуалізацыю і ролі: «самазванка», «беглая змагарка», «кухарка» ў адрас Ціханоўскай, «порнаактрыса» ў адрас Ментусавай, абвінавачванні ў тым, што палітык «кінула дзяцей». Мужчын пазбаўляюць маскуліннасці: «змагарыкі», «пеўнікі», «баязліўцы», сексуалізаваны здзек, выява апанента як труса або ўтрыманца. У абодвух выпадках мэта адна: паказаць аўдыторыі «сваіх», што «іншыя» не заслугоўваюць ні павагі, ні абароны.

Важна, што статус «свайго» ўмоўны і адклікаецца ў момант адхілення. У ліпені 2026 года галоўная рэдактарка гомельскай раённай дзяржгазеты, якая дазволіла сабе крытыку ў адрас лаяльнай уладам музычнай групы, запісала «пакаяннае відэа» з прабачэннямі. Яшчэ ўчора «свая», яна была публічна пераведзена ў «іншыя» тым жа інструментам, які звычайна ўжываюць да апанентаў рэжыму.

Практыка ўжо перасякае межы: у 2026 годзе незалежныя медыя зафіксавалі, што «відэа з прабачэннямі» паводле беларускага ўзору пачалі запісваць сілавыя структуры Азербайджана.

Дзяржава: найбуйнейшы перпетратар

У 711 беларускіх дакументах з устаноўленай гендарнай абумоўленасцю размеркаванне перпетратараў выглядае так. Дзяржаўная група: сілавыя структуры (189), прарэжымныя тэлеграм-каналы (90), дзяржмедыя (22), сумарна 301 выпадак, або 42%. Ананімныя злачынцы: 182 (26%). Міжасабовы гвалт: 138 (19%). У большасці «дзяржаўных» выпадкаў ахвяры жанчыны.

Паказальны кейс: у верасні 2025 года журналістка Ларыса Шчыракова публічна расказала, што пасля яе затрымання сілавікі размясцілі яе інтымныя здымкі на сайце знаёмстваў. У гэтай гісторыі сабраны ўсе элементы, пра якія ідзе гаворка ў публікацыі. Гвалт учыняе дзяржава, ананімнага пераследніка ў гэтай гісторыі няма; форма гвалту, распаўсюд інтымных выяў без згоды, узятая з класічнай тыпалогіі TFGBV; ланцужок пачынаецца з ператрусу і канфіскацыі тэхнікі і працягваецца ў сетцы; а мэтай становіцца прыніжэнне журналісткі менавіта як жанчыны.

Каардынаваныя хвалі: інфраструктура атак

Корпус дазваляе рэканструяваць атакі як аперацыі: з датамі пасеву, сеткай каналаў і размеркаваннем роляў.

Хваля 9–10 красавіка 2025. За два дні сем перпетрацыйных пастоў у пяці прарэжымных каналах («Жёлтые сливы», «НьюСлив», «КрысолOFF», «БЕЛАРУСКАЯ КУХНЯ», «ПЕРЕОБУТАЯ реальность») атакуюць адну мішэнь, Марыну Ментусаву, вядучую праграмы «Обычное утро» тэлеканала «Белсат». Вектараў два: згенераваныя «інтымныя» выявы загружаюцца на порнасайт пад яе імем, а сфабрыкаваныя фота распаўсюджваюцца са спасылкамі на порнаплатформу. Тэлевядучы Рыгор Азаронак суправаджае хвалю здзеклівым метакаментаром з каламбурам на назву яе праграмы. Незалежныя выданні адказваюць у той жа дзень, сама Ментусава кажа публічна праз тры тыдні, але асіметрыя відавочная: вытворчасць фэйка каштуе хвіліны, абвяржэнне каштуе рэпутацыйных выдаткаў назаўжды.

Анатомія атакі
Мал. 3. Анатомія хвалі 9–10 красавіка 2025: дарожкі адпавядаюць інфармацыйным асяроддзям, стрэлкі паказваюць рух наратыву.

Хваля 7 жніўня 2025. Шэсць каналаў той жа сеткі (сямейства «Сливов», «Смотри на мир открытыми глазами», «ПЕРЕОБУТАЯ реальность») сінхронна распаўсюджваюць «скандальнае відэа», скіраванае супраць Святланы Ціханоўскай. Механіка ідэнтычная красавіцкай; мішэнь: самая пазнавальная жанчына-палітык краіны. Гэта хрэстаматыйны прыклад таго, што даследчыкі называюць gendered disinformation: дыскрэдытацыя жанчыны-палітыка праз сексуалізацыю і кампрамат замест крытыкі пазіцыі.

Сейбіты абедзвюх хваль складаюць ядро таго самага ананімнага «жоўтага» яруса прапагандысцкай тэлеграм-вертыкалі, які FactCheck.LT апісваў у даследаванні прарэжымнага тэлеграм-поля. Доксінг-дыскурс корпуса на дзве трэці створаны двума брэндамі: «Жёлтые сливы» (139 дакументаў у TFGBV-індыкатарах) і «НьюСлив» (126). Гендарны гвалт уваходзіць у штатны рэпертуар гэтай інфраструктуры побач з доксінгам і цкаваннем.

Сетка каналаў
Мал. 4. Хто сее і хто разганяе: ярусы прарэжымнай тэлеграм-сеткі паводле колькасці дакументаў у TFGBV-выбарцы.
Дзве хвалі
Мал. 5. Перпетрацыйныя артэфакты ў дзяржаўным і прарэжымным сегментах па месяцах: пікі красавіка і жніўня 2025 года цалкам гендарныя.

Чыя віктымнасць лічыцца: асіметрыя

Дзяржаўная экасістэма ўмее абурацца дыпфэйкамі, калі ахвяры свае. У сакавіку 2026 года гісторыя пра «махлярскія дыпфэйкі з Рыгорам Азаронкам» была сінхронна распаўсюджана дзясяткамі каналаў дзяржаўнай вертыкалі, аж да раённых і заводскіх («Кричевцементношифер», «Стеклозавод НЕМАН», «ЧАС ПИК ХОТИМСК»). У корпусе дзейнічае нават прарэжымны «Народный Антифейк», які выкрывае дыпфэйкі супраць чыноўнікаў.

Лічбы асіметрыі па беларускіх дакументах. Сярод ахвяр несексуалізаваных дыпфэйкаў (махлярства, палітычныя фэйкі; 379 дакументаў) мужчын больш чым удвая больш, чым жанчын: 228 супраць 104. Гэта чыноўнікі і прапагандысты, і іх кейсы атрымліваюць «ахоўную» кампанію. Сярод ахвяр сексуалізаваных фэйкаў (29 дакументаў) жанчыны складаюць 88% устаноўленых ахвяр (23 супраць 3), і іх кейсы тая ж экасістэма стварае і распаўсюджвае: 14 з 29 дакументаў з’яўляюцца перпетрацыйнымі артэфактамі, 11 з іх скіраваны супраць жанчын.

Асіметрыя
Мал. 6. Пол ахвяр паводле тыпу фэйкаў, беларускія дакументы.

Дзве агаворкі да гэтага параўнання. Лік ідзе па дакументах, а не па інцыдэнтах: адна сакавіцкая гісторыя з дыпфэйкамі Азаронка дала больш за трыццаць дакументаў, так што перавага мужчын часткова вымярае інтэнсіўнасць ахоўнай кампаніі, і ў гэтым і ёсць сам феномен. Акрамя таго, катэгорыі адрозніваюцца паводле функцыі: дыпфэйкі прадстаўлены ў асноўным абарончым асвятленнем, сексуалізаваныя фэйкі ўключаюць самі акты гвалту. Таму параўнанне паказвае не тое, каго часцей атакуюць, а тое, чыю віктымнасць экасістэма прызнае і абараняе. Паказальна, што Азаронак стаіць па абодва бакі: у красавіку 2025 года ён здзекуецца з Ментусавай, у сакавіку 2026 года ўся вертыкаль абараняе яго ад дыпфэйка. Калі дыпфэйк скіраваны супраць мужчыны з сістэмы, яго называюць атакай махляроў і ворагаў. Калі сексуалізаваны фэйк скіраваны супраць жанчыны-актывісткі, яго называюць кантэнтам.

Кантынуум і межы карціны

Кантынуум анлайн-афлайн, які UNFPA апісвае як рызыку, у беларускіх даных з’яўляецца нормай. 1 328 дакументаў, палова рэлевантнага корпуса (1 272 з іх беларускія), фіксуюць пераход паміж лічбавым і фізічным гвалтам: доксінг, за якім ідзе затрыманне; затрыманне, за якім ідзе «пакаяннае відэа».

Дзве агаворкі дзеля паўнаты карціны. Па-першае, гендарны лічбавы гвалт скіраваны не толькі супраць жанчын: 46 дакументаў фіксуюць мужчын-ахвяр гендарна абумоўленых атак, ад пагроз згвалтаваннем беларускаму добраахвотніку ва Украіне да сексуалізаванага здзеку прарэжымных каналаў з мужчын-актывістаў. Механізм той жа: кантроль праз сексуалізаванае прыніжэнне. Па-другое, абвінавачванні ў харасменце ўзнікаюць і ўнутры дэмакратычнай супольнасці: увосень 2025 года некалькі такіх кейсаў прывялі да адхіленняў і разбіральніцтваў у арганізацыях дыяспары. Мы не ацэньваем сутнасць гэтых абвінавачванняў. Для нашага сюжэта важныя два факты: унутры супольнасці, у адрозненне ад дзяржавы, працуюць механізмы падсправаздачнасці, і кожны такі кейс неадкладна інструменталізуецца прарэжымнымі каналамі як паліва гендарнай дэзінфармацыі.

Абмежаванні

Корпус адлюстроўвае медыйную бачнасць гвалту, а не яго распаўсюджанасць: выпадкі, якія не трапілі ў медыя і тэлеграм, для нас нябачныя, таму ўсе колькасныя ацэнкі з’яўляюцца ніжнімі межамі. LLM-разметка недасканалая: згода мадэляў па найбольш інтэрпрэтацыйным полі (гендарная абумоўленасць) умераная (κ=0,36–0,65 у розных парах), што мы кампенсавалі арбітражам, кансерватыўнымі фармулёўкамі і ручной верыфікацыяй ядра кейсаў. Атрыбуцыя перпетратараў грунтуецца на змесце і крыніцы дакументаў, а не на тэхнічнай форэнзіцы.

Што з гэтым рабіць

Беларускі досвед важны для ўсяго рэгіёна Усходняга партнёрства па дзвюх прычынах. Практыкі прымусу ўжо запазычваюцца суседзямі, а інфраструктура каардынаваных атак каштуе танна і лёгка ўзнаўляецца ў любой краіне з развітой прарэжымнай тэлеграм-сеткай. З гэтага вынікаюць тры практычныя высновы.

Першая. Ахоўныя механізмы для жанчын у палітыцы і журналістыцы павінны ўлічваць дзяржаву як перпетратара. Стандартныя пратаколы платформ, разлічаныя на міжасабовы гвалт і на праваахоўныя органы як нейтральны бок, у гэтай канфігурацыі не працуюць: у Беларусі сілавыя структуры, ад міліцыі і ГУБАЗіК да КДБ і Следчага камітэта, самі выступаюць перпетратарам.

Другая. Дакументаванне ў стандартах, прыдатных для будучай адказнасці (даты пасеву, сеткі каналаў, ланцужкі рэтрансляцыі), павінна весціся ўжо цяпер. Наш метад паказвае, што гэта ажыццяўляльна на адкрытых даных.

Трэцяя. Падтрымка ахвяр павінна ўключаць хуткае абвяржэнне і юрыдычнае суправаджэнне ў юрысдыкцыях ЕС, дзе знаходзяцца многія мішэні атак. Прававая база для гэтага з’яўляецца: латвійскі артыкул 145¹ з красавіка 2026 года прама ахоплівае згенераваныя ШІ інтымныя матэрыялы, Літва і Польшча абавязаны ўвесці аналагічныя нормы да чэрвеня 2027 года ў парадку транспазіцыі Дырэктывы 2024/1385. Інструментарый для арганізацый ужо існуе, уключна з дапаможнікам па лічбавай бяспецы для жаночых арганізацый, выпушчаным праграмай EU Neighbours East. І апошняе: пяць з шасці краін Усходняга партнёрства з’яўляюцца адрасатамі Рэкамендацыі CM/Rec(2026)2 як члены Савета Еўропы. Беларусь стаіць па-за ўсімі гэтымі рамкамі, і менавіта таму абарона яе жанчын залежыць ад суседзяў.


Метадалагічны дадатак: міжмадэльная згода

Дакументы кадаваліся двума LLM-анататарамі (GPT-5.6-luna, OpenAI; Claude Haiku 4.5, Anthropic) незалежна і ўсляпую; разыходжанні вырашаў трэці анататар (Claude Sonnet 4.6, Anthropic) з фінальнай пазнакай большасцю 2 з 3.

Поле κ (luna/haiku) Сырая згода N
Рэлевантнасць 0,56 81% 7 812
Форма гвалту 0,71 77% 1 592
Функцыя дакумента 0,69 83% 1 592
Гендарная абумоўленасць 0,36 55% 1 592
Пол ахвяры 0,83 89% 1 592
Тып перпетратара 0,71 78% 1 592

Умоўныя палі лічыліся на дакументах, прызнаных рэлевантнымі абодвума анататарамі. Капа Коэна карэктуе сырую згоду на выпадковае супадзенне; інтэрпрэтацыя паводле шкалы Ландыса і Коха. Нізкая капа па гендарнай абумоўленасці адлюстроўвае інтэрпрэтацыйнасць катэгорыі «unclear» і кампенсаваная арбітражам (згода арбітра з haiku па гэтым полі κ=0,65) і ручной верыфікацыяй. 64% фінальных пазнак аднагалосныя, 20% прынятыя большасцю, 16% вырашальным голасам арбітра. Ручная верыфікацыя ахапіла ўсе дакументы пра сексуалізаваныя фэйкі, абедзве хвалі 2025 года і ключавыя кейсы; па яе выніках пяць дакументаў пераразмечаны (махлярства і прафілактыка замест сексуалізаваных фэйкаў), што ўлічана ў прыведзеных лічбах.

Даныя: корпус FORESIGHT, 7 814 дакументаў, 2018–2026. Код і кодбук даступныя па запыце.

Rate article
Factсheck LT