Чатыры інструменты

Аналітыка

15 ліпеня 2026 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт eu4belarus.info. Гэта сайт праграмы EU4Belarus, якую фінансуе Еўрапейскі саюз. У тое ж рашэнне трапілі сайт літоўскага Цэнтральнага агенцтва па кіраванні праектамі (cpva.lt), якое адмініструе гэтую праграму, і старонкі агенцтва ў LinkedIn і X.

З гэтага дня любы жыхар Беларусі, які перашле матэрыял гэтых рэсурсаў, рызыкуе штрафам, грамадскімі работамі або арыштам да 15 сутак, а тэлефон, з якога зроблены рэпост, канфіскуюць. Агенцтва ніхто не апавясціў. Чытача ніхто не папярэдзіў.

Так у Беларусі выглядае тое, што на міжнародных канферэнцыях называюць «уздзеяннем дэзінфармацыі на грамадзянскую супольнасць». Галоўны дэзінфармацыйны актар, які дзейнічае супраць беларускіх грамадскіх арганізацый, гэта сама дзяржава. У яе чатыры інструменты: яна забірае слова, чапляе ярлык, прымае закон і пераследуе крыніцы. Кожны з іх можна вымераць. Ніжэй мы робім гэта на корпусе FORESIGHT: каля 6,7 млн дакументаў беларускіх дзяржаўных і незалежных медыя, Telegram і YouTube.

Інструмент першы: слова

Перш чым змагацца з грамадзянскай супольнасцю, дзяржава забрала сабе само паняцце.

Мы прасачылі ўсе ўжыванні словазлучэння «гражданское общество» (грамадзянская супольнасць) у беларускіх медыя са студзеня 2021 года па верасень 2026 года: 16 780 дакументаў. Для кожнага дакумента дзяржаўных СМІ мы вызначалі рамку. У рэжымнай рамцы «грамадзянская супольнасць» азначае праўладныя арганізацыі, Усебеларускі народны сход (УНС) і «канструктыўныя сілы». У незалежнай рамцы гэта праваабаронцы, незалежныя ініцыятывы, палітвязні. Індэкс падмены паказвае долю рэжымнай рамкі сярод дакументаў, дзе яе можна вызначыць.

Мал. 1. Індэкс падмены ў дзяржаўных СМІ, 2021–2026

Мал. 1. Індэкс падмены: доля дакументаў дзяржСМІ, дзе «грамадзянская супольнасць» ужытая ў рэжымнай рамцы.

У 2021 годзе індэкс трымаўся на ўзроўні 79%. Тады паняцце яшчэ атакавалі ў лоб. З пачаткам вайны ў 2022 годзе індэкс вырас да 95%, а потым да 98–99%. З таго часу ён не апускаўся ніжэй за 89%: дзевяць з дзесяці згадак «грамадзянскай супольнасці» ў дзяржаўных СМІ азначаюць арганізацыі, створаныя або прызнаныя дзяржавай.

Важней за сам узровень тое, як змяніліся словы, якімі падмену праводзяць.

Мал. 2. Маркеры падмены па групах

Мал. 2. Размеркаванне маркераў падмены ў дзяржСМІ па групах.

У першай палове 2021 года 77% маркераў падмены будавалі вобраз ворага: «так званая грамадзянская супольнасць», «пятая калона», «фінансаванне пратэстаў». У другой палове 2022 года галоўнае месца заняў юрыдычны статус: выраз «суб’екты грамадзянскай супольнасці» і яго суседзі далі 44% маркераў, у першай палове 2023 года 66%, у 2024 годзе 60%.

Юрыдычны слоўнік прыйшоў услед за ланцужком прававых актаў. Папраўкі да Канстытуцыі, вынесеныя на рэферэндум 27 лютага 2022 года, увялі главу 3¹ пра Усебеларускі народны сход, і сярод яго дэлегатаў названыя «прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці». Хто менавіта, вызначылі два законы лютага 2023 года. 7 лютага кіраўнік рэжыму падпісаў закон № 248-З «Аб Усебеларускім народным сходзе», і грамадзянскай супольнасці ў сходзе адведзена да 400 месцаў. 14 лютага з’явіўся закон № 250-З «Аб асновах грамадзянскай супольнасці». Па словах Мінюста, ён увёў «новыя для нашай прававой сістэмы паняцці»: «грамадзянская супольнасць» і «суб’екты грамадзянскай супольнасці».

Закон адрознівае суб’ектаў грамадзянскай супольнасці ўвогуле і тых, хто мае права на «асаблівыя формы ўзаемадзеяння» з дзяржавай. Галоўная з гэтых формаў: абранне дэлегатаў УНС. Пацвярджаць такое права даручана Міністэрству юстыцыі, і крытэрыям адпавядаюць толькі самыя буйныя структуры: рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне з абласнымі і мінскай арганізацыямі і не менш як 100 тысячамі паўналетніх членаў, а для прафсаюзаў аб’яднанне не менш за палову ўсіх зарэгістраваных у краіне прафсаюзаў. У траўні 2023 года Міністэрства юстыцыі прыняло рашэнне аднесці да суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, «якія маюць права на ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі) у асаблівых формах», пяць арганізацый: рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь», Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, грамадскія аб’яднанні «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і «Беларускі саюз жанчын», Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Усе пяць праўладныя, як адразу заўважыла «Зеркало», і дэлегатаў ад грамадзянскай супольнасці ў 2024 годзе абіралі менавіта яны.

Паведамляючы пра рашэнне 22 траўня 2023 года, Мінюст пералічыў задачы такога ўзаемадзеяння. Першай стаіць «забеспячэнне грамадзянскага (народнага) адзінства», потым «забеспячэнне незалежнасці, дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці», «арганізацыя канструктыўнага ўзаемадзеяння… накіраванага на ўмацаванне даверу да інстытутаў дзяржаўнай улады», патрыятычнае выхаванне, заснаванае на «захаванні гістарычнай праўды і памяці беларускага народа», і «ўмацаванне адзінай супольнасці „беларускі народ“». Кантролю над уладай у гэтым спісе няма. Грамадзянскай супольнасці адведзена роля апоры дзяржавы. Паняцце перасталі высмейваць, яго перапісалі ў законе.

Затым падмена ўвайшла ў дакументы пра бяспеку. У абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якую УНС зацвердзіў у красавіку 2024 года, унутранай крыніцай пагроз у палітычнай сферы названы «недастатковы ўзровень развіцця суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, якая адпавядае нацыянальным інтарэсам». Пералік пры гэтым пакінуты адкрытым: у сакавіку 2024 года кіраўнік рэжыму прапанаваў не закрываць пытанне, бо «магчыма, з’явяцца новыя суб’екты грамадзянскай супольнасці». Хто трапіць у пералік наступным, вырашае Міністэрства юстыцыі.

Ёсць і адваротны бок. Незалежныя медыя ўсё часцей ужываюць паняцце толькі ў сваёй рамцы: ад 88% у пачатку 2021 года да 93–96% у 2025–2026 гадах. Доля нейтральных ужыванняў у іх упала з 56% да 39–41%. Дзве часткі беларускай інфармацыйнай прасторы гавораць адным словам пра розныя рэчы, і агульнай мовы ў іх амаль не засталося.

Інструмент другі: ярлык

Тых, хто з’ехаў з Беларусі пасля 2020 года, дзяржаўная рыторыка называе «беглымі». Гісторыю слова і даныя корпуса мы падрабязна разабралі ў верасні: «Беглые»: краткая история слова, которое пропаганда взяла не глядя (па-руску). Тут важна іншае: як ярлык убудоўваецца ў ланцужок.

Першым у нашым корпусе ярлык ужыў ананімны праўладны Telegram-канал «Беларусь и мир», 7 верасня 2020 года. 10 лістапада слова публічна вымавіў кіраўнік рэжыму, у той жа дзень яго падхапілі БелТА, СТВ і «СБ. Беларусь сегодня», а з 17 лістапада яно выйшла ў загалоўкі дзяржаўнага агенцтва. У студзені 2021 года дзяржаўныя медыя ўжылі яго ў 189 дакументах, і ў 168 з іх ужо без спасылкі на кіраўніка рэжыму, уласным рэдакцыйным голасам. Ананімны канал, першая асоба, рэдакцыйны артыкул: кожны крок заняў каля двух месяцаў. Так выглядае адмыванне ярлыка.

Ярлык абрастае слоўнікам. Доля кантэкстаў, дзе побач з «беглымі» стаіць зневажальная лексіка, вырасла з 9% у 2020 годзе да 24% у 2026-м. Часцей за ўсё побач аказваюцца «змагары», «экстрэмісты», «здраднікі», «марыянеткі».

Пасля выбараў студзеня 2025 года ярлык вярнуўся туды, адкуль прыйшоў.

Мал. 3. «Беглыя» па крыніцах

Мал. 3. Дакументы з ярлыком «беглыя» на 1000 дакументаў крыніцы.

У разліку на тысячу дакументаў СТВ скараціла частату з 15 да 8, «СБ. Беларусь сегодня» з 5,4 да 2,8, БелТА з 4,6 да 2,3, «Гродзенская праўда» з 36 да 11. Аб’ём публікацый у гэтых выданняў не змяніўся, змяніўся слоўнік. Ананімны канал «Жёлтые сливы Belarus» за той жа час падняўся з 98 да 186 на тысячу постаў: ярлык стаіць амаль у кожным пятым посце. Афіцыйны голас адступіў, ананімны пласт працуе за яго, і за фармулёўкі там ніхто не адказвае.

Распаўсюджваюць ярлык і тыя, хто яму супрацьстаіць. Каля паловы згадак «беглых» у незалежных медыя складаюць цытаты кіраўніка рэжыму.

Пра тыя ж ярлыкі ў TikTok мы пісалі ў ліпені 2025 года: Таксічныя хэштэгі беларускага TikTok (па-руску).

Інструмент трэці: закон

Міністэрства інфармацыі вядзе Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Мы сабралі і разабралі яго цалкам: кожны запіс з 2008 года.

Што пагражае чытачу. Распаўсюджванне матэрыялаў са спіса, а таксама іх выраб, захоўванне і перавозка з мэтай распаўсюджвання караюцца паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП: штраф ад 10 да 30 базавых велічынь, грамадскія работы або арышт да 15 сутак, прылада канфіскуецца. Суды лічаць распаўсюджваннем рэпост і перасылку. У 2023 годзе суд Маскоўскага раёна Брэста даў 12 сутак арышту за 30 «лайкаў» на YouTube: паводле логікі рашэння, лайкі павышаюць рэйтынг канала. Чытанне само па сабе, паводле юрыстаў, па літары закона не караецца.

Маштаб. Па стане на верасень 2026 года ў спісе 6 018 судовых рашэнняў, прынятых 159 судамі. Інструмент існуе з 2008 года, але да 2020 года ўжываўся рэдка: 36 рашэнняў у 2016 годзе, 22 у 2019-м, 19 у 2020-м. У 2021 годзе іх стала 427, у 2024 годзе 1 462, за першыя сем з паловай месяцаў 2026 года 977. Колькасць судоў, якія выносяць такія рашэнні, вырасла з сямі ў 2020 годзе да 85–112 у год.

Без права на паўзу. 96,9% рашэнняў уступаюць у сілу ў дзень вынясення: акна, у якім матэрыял яшчэ законны і рашэнне можна абскардзіць, няма. Раней паміж рашэннем і ўступленнем у сілу праходзіла ў сярэднім 12 дзён, прыкладна столькі доўжыцца тэрмін абскарджання. Першае рашэнне з неадкладным выкананнем з’явілася ў кастрычніку 2020 года, у сакавіку 2021 года такіх рашэнняў стала больш, чым звычайных, а з красавіка 2021 года іншых амаль не засталося. Пакет паправак аб процідзеянні экстрэмізму быў падпісаны толькі ў траўні 2021 года. Суды перайшлі на новую практыку раней, чым яе аформіў закон.

Геаграфія. Прынамсі адно рашэнне вынесена ў кожным са 118 раёнаў краіны. Пры гэтым нагрузка размеркавана вельмі нераўнамерна.

Мал. 4. Карта рашэнняў па раёнах

Мал. 4. Рашэнні аб прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі па раёнах.

Мал. 5. Трынаццаць самых актыўных раёнаў

Мал. 5. 13 раёнаў са 118 даюць дзве траціны рашэнняў.

Самыя загружаныя суды знаходзяцца не толькі ў абласных цэнтрах. Адзіны суд Маладзечанскага раёна вынес 236 рашэнняў, прыкладна ў дваццаць разоў больш за медыянны раён. Баранавічы, Пухавічы, Мінскі раён апярэджваюць частку абласных цэнтраў. Дзевяць з дваццаці самых актыўных судоў знаходзяцца ў Мінскай вобласці.

Замежныя рэсурсы. 288 рашэнняў датычацца замежных сайтаў, іх вынес 41 суд. Сярод іх EU4Belarus і літоўскае агенцтва, EUvsDisinfo (служба Еўрасаюза па процідзеянні дэзінфармацыі), Euronews, Польскае агенцтва друку, эстонскі Postimees, Instagram-акаўнты Міжнароднага таварыства правоў чалавека, Human Rights House Foundation, FIDH і ўкраінскага Цэнтра грамадзянскіх свабод, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру. За ўсе гады найбольш такіх рашэнняў прынята ў Мінску, але ў 2026 годзе гэтая праца перамясцілася: 37% замежных рашэнняў гэтага года вынеслі суды Магілёўскай вобласці, перадусім Ленінскага раёна Магілёва і Горацкага раёна.

Рэестр не можа дацягнуцца ні да кога за мяжой. Ён разрывае сувязь на баку жыхара Беларусі: кантакт з замежнай арганізацыяй становіцца караным унутры краіны. Freedom House апісвае гэты механізм як прымус праз блізкіх (coercion by proxy), адну з формаў транснацыянальных рэпрэсій. Тут ён вымераны.

Рэестр, напісаны алоўкам. Дата ўступлення рашэння ў сілу ўносіцца ў рэестр уручную. У жніўні 2026 года ў 75 запісаў з 31 суда гэтую дату адным пакетам замянілі на 17 жніўня, зрушыўшы яе на тэрмін да месяца, а ў верасні гэтак жа ціха вярнулі назад. У пакет трапілі і замежныя рэсурсы, у тым ліку EUvsDisinfo і eu4belarus.info. Па публічным рэестры грамадзянін не можа ўстанавіць, ці быў матэрыял забаронены ў пэўны дзень, хоць адказнасць адлічваецца менавіта ад гэтай даты. Адваротнага руху амаль няма: за васямнаццаць гадоў адменена шэсць запісаў, 0,1% спіса. Падрабязней пра гэта ў нашай серыі пра рэестр.

Інструмент чацвёрты: крыніцы

Чацвёрты інструмент накіраваны на тых, хто забяспечвае арганізацыі інфармацыяй.

«Беларускі Гаюн» быў грамадзянскім праектам маніторынгу перамяшчэнняў расійскіх войскаў па Беларусі. Звычайныя людзі дасылалі яму тое, што бачылі з акна. Мы сабралі ўсе паведамленні пра пераслед, звязаны з праектам, у 5 497 публікацыях з 73 крыніц. Устаноўлена 212 чалавек, з іх 188 па імені, і 183 атрымалі прысуд; «Вясна» на 24 лютага 2026 года называла не менш за 183 абвінавачаных. Найбольшая група паводле роду заняткаў: IT-спецыялісты, 28 чалавек; былыя вайскоўцы і супрацоўнікі сілавых структур на трэцім месцы, 14 чалавек. Найбольшая ўзроставая група: 30–39 гадоў, 60 са 162 чалавек, чый узрост вядомы. 28% пераследаваных складаюць жанчыны. Траціна ўсіх спраў прыпадае на Гомельскую вобласць, дзе стаялі войскі: 57 чалавек, 4,29 на 100 тысяч жыхароў. Сярэднія тэрміны па рэгіёнах складаюць ад 3 да 3,75 года, завочныя прысуды даходзяць да 20 гадоў.

Мал. 6. Канвеер рэпрэсій: справа «Гаюна»

Мал. 6. Публікацыі пра «Гаюн» паводле лексікі крымінальнага працэсу, люты 2025 – ліпень 2026.

У лютым 2025 года бот праекта быў узламаны, «Гаюн» закрыўся, і пачалася хваля затрыманняў: 351 публікацыя за месяц. Потым настала цішыня: затрыманыя сядзелі ў СІЗА, пісаць не было пра што. Хваля прысудаў прыйшла праз чатырнаццаць месяцаў, у красавіку 2026 года: 495 публікацый з лексікай прысуду і калоніі. Дзве фазы не накладваюцца адна на адну, яны ідуць па чарзе.

Стрымальны эфект і ёсць вынік. Цэнтралізаванага незалежнага маніторынгу вайсковай актыўнасці ў Беларусі больш няма. Той жа інтэрвал, ужыты да ператрусаў у студэнтаў ЕГУ ў чэрвені 2026 года, паказвае на хвалю прысудаў паміж чэрвенем 2027 і студзенем 2028 года, хутчэй за ўсё каля жніўня 2027-га. Мы праверым гэты прагноз 31 снежня 2027 года. Падрабязна: The Hajun case has a map and a clock.

Гендарны пласт

Тыя ж каналы, што чапляюць ярлыкі, вырабляюць гендарны лічбавы гвалт. У верасні мы разабралі 2 671 такі дакумент. Калі дакумент сам з’яўляецца актам гвалту (доксінг, сексуалізаваны фэйк, здзек з ахвяры, вымушанае «пакаяннае» відэа), у 99% выпадкаў ён паходзіць з дзяржаўнага або праўладнага сегмента. Самая масавая форма, 850 вымушаных пакаянных відэа, увогуле адсутнічае ў міжнародных тыпалогіях. Падрабязна: The State as Perpetrator.

Адзін новы выпадак паказвае, як далёка можа зайсці гэты механізм. Былая палітвязніца, паводле яе слоў пад катаваннямі, падпісала ў зняволенні згоду на супрацоўніцтва з КДБ і атрымала аператыўны псеўданім. Апынуўшыся за мяжой, яна публічна адмовілася ад гэтай падпіскі. Праз чатыры дні ананімны TikTok-акаўнт пачаў публікаваць відэа ад імя «агента» з гэтым псеўданімам і яе тварам: «агент» нібыта дакладвае «Цэнтру» пра беларускіх эмігрантаў, журналістаў і арганізацыі.

Мал. 7. Ананімны акаўнт і «агент»

Мал. 7. Прагляды кожнага відэа ананімнага акаўнта; лаймавыя: відэа ад імя «агента».

Акаўнт створаны ў студзені 2025 года, праз два дні пасля выбараў. Першыя два відэа ён прысвяціў двум апазіцыйным палітыкам-мужчынам: згенераваныя выявы, на якіх яны нібыта віншуюць кіраўніка рэжыму з перамогай. Гэта самыя праглядаемыя відэа акаўнта, 69 і 17 тысяч праглядаў. Да мужчын акаўнт больш не вяртаўся. З 45 наступных відэа 44 выйшлі ад імя «агента». Разам яны набралі каля 144 тысяч праглядаў, медыяннае відэа каля тысячы. Унутры гэтых «данясенняў» у мішэняў свае мянушкі, і адна з іх сексуалізаваная.

Усплёскі праглядаў супадаюць з публікацыямі ў ананімных «зліўных» Telegram-каналах. Мы знайшлі 51 згадку, у асноўным у тым жа кластары каналаў, які ў красавіку 2025 года распаўсюджваў сексуалізаваныя фэйкі пра тэлевядучую. Каментары пад відэа зларадна кпяць з эмігрантаў увогуле, саму пацярпелую згадваюць рэдка. Масавай аўдыторыі ў акаўнта няма. Ён працуе на сваю аўдыторыю і замацоўвае адно падазрэнне: любы вызвалены можа аказацца агентам.

Падрабляюць тут лаяльнасць. Твар сапраўдны, псеўданім сапраўдны, і ўся канструкцыя трымаецца на самім прымусе: адкліканы подпіс зноў і зноў прад’яўляецца як доказ адваротнага. Такой формы няма ні ў адной вядомай нам тыпалогіі лічбавага гвалту. Гендарнае вымярэнне бачна ў асіметрыі: двум мужчынам дасталося па адной выяве, жанчыне, чый подпіс атрымалі ў зняволенні, паўтара года рэгулярных «данясенняў». Мы не называем імя пацярпелай, яе псеўданім і назву акаўнта.

Высновы

1. Інструменты працуюць па чарзе. Спачатку ў слова мяняецца значэнне, потым з’яўляецца ярлык, затым закон, і толькі потым пераслед. Калі «грамадзянская супольнасць» ужо азначае праўладныя арганізацыі, незалежныя становяцца «экстрэмістамі» амаль аўтаматычна.

2. Практыка апярэджвае норму. Ярлык «беглыя» прайшоў шлях ад ананімнага канала да рэдакцыйнага голасу за чатыры месяцы. Суды перайшлі на неадкладнае выкананне рашэнняў пра «экстрэмісцкія матэрыялы» за некалькі месяцаў да закона, які гэта аформіў. Ранняе папярэджанне варта шукаць у ананімных каналах і ў судовай практыцы: афіцыйныя заявы прыходзяць апошнімі.

3. Ананімны пласт служыць лабараторыяй і запасным голасам. Там ярлык нараджаецца, і туды ён вяртаецца, калі афіцыйным медыя становіцца нязручным. Там жа вырабляюцца гендарны гвалт і падробка лаяльнасці. За фармулёўкі ў гэтым пласце ніхто не адказвае.

4. Удар прыпадае на чытача і крыніцу. Арганізацыю за мяжой рэестр не дастае, затое робіць караным кантакт з ёй унутры краіны. Справа «Гаюна» паказвае цану для крыніц: 212 чалавек.

5. Інструменты пераносныя, але ў іх ёсць расклад. У рэестры ўжо праграма ЕС і агенцтва дзяржавы ЕС, так што наступным можа стаць любы донарскі праект у рэгіёне. Але механізм вымерны: «гадзіннік» «Гаюна» дае прагноз па справе студэнтаў ЕГУ, а маніторынг слоў і ярлыкоў дае час падрыхтавацца.

Што гэта значыць для арганізацый у рэгіёне

Беларуская гісторыя датычыцца не толькі беларускіх арганізацый.

Праверце, ці не трапілі вы ў спісы. Калі вы працуеце з беларускай аўдыторыяй або беларускімі партнёрамі, ваш сайт або акаўнт можа апынуцца ў рэестры без апавяшчэння. Рызыку нясе ваш чытач. FactCheck.LT бясплатна правярае дамены і акаўнты арганізацый па рэестры.

Праекты донараў ужо сталі прэцэдэнтам. Праграмы ЕС і дзяржаўнае агенцтва краіны ЕС унесены ў рэестр. Гэта шаблон для любога донарскага праекта ў любой краіне, якая пераймае інструмент.

Не гаварыце словамі рэжыму. Абараняйце ўласны слоўнік: «грамадзянская супольнасць», «палітвязні», «тыя, хто з’ехаў». Не паўтарайце ярлыкі нават дзеля абвяржэння: палова згадак «беглых» у незалежных медыя прыпадае на цытаты.

Сачыце за ананімным пластом. Ярлык «беглыя» з’явіўся ў ананімным канале за два месяцы да таго, як яго вымавіў кіраўнік рэжыму, і за чатыры да таго, як ён стаў рэдакцыйным. Новыя ярлыкі варта шукаць там.

Абараняйце крыніцы раней, чым офіс. Будуйце прыём інфармацыі так, каб узлом канала не раскрываў людзей, якія яе дасылаюць. Вырашыце загадзя, чаго вы не будзеце захоўваць ніколі. Ніколі не прасіце людзей унутры краіны рабіць рэпосты.

Вядзіце ўласны архіў. Рэестры правяць заднім чыслом, публікацыі знікаюць. Ваш архіў з датамі і здымкамі экрана можа аказацца адзіным сведчаннем. Каналы рэгіянальныя, мэты лакальныя: дзяліцеся першымі сігналамі з суседзямі.

Метад і абмежаванні

Усе даныя ўзятыя з корпуса FORESIGHT (FactCheck.LT), каля 6,7 млн дакументаў беларускіх дзяржаўных і незалежных медыя, Telegram і YouTube.

Слова. Індэкс падмены разлічаны агентам FORESIGHT версіі 3.4 на 16 780 дакументах за студзень 2021 – верасень 2026 года па паўгоддзях (2024 і 2026 гады цалкам). Для мал. 2 улічаны да 15 самых частых маркераў кожнай фазы; у 2021 і 2025 гадах маркераў мала (13–39 на фазу), таму долі там паказваюць толькі кірунак. У красавіку 2026 года мы публікавалі папярэднюю версію індэкса з V-падобнай крывой (0,78, 1,00, 0,74, 0,96). Пераразлік на пашыраным корпусе з абноўленым слоўнікам яе не пацвярджае: пасля 2022 года індэкс трымаецца ў межах 89–99%. Папярэднія значэнні заменены.

Прававы ланцужок (Канстытуцыя 2022 года, законы № 248-З і № 250-З, пералік Мінюста) звераны па навінах pravo.by і дзяржаўных СМІ ў корпусе, па паведамленні самога Мінюста і па матэрыялах ЦВК; спасылкі стаяць у тэксце.

Ярлык. Даныя пра «беглых» узятыя з вераснёўскай публікацыі, дзе апісана методыка: акно ±200 знакаў, амонімы («беглый взгляд», «беглый олигарх») выключаны, частоты нармаваныя на месячны аб’ём кожнай крыніцы. Корпус на той момант складаў 4,6 млн дакументаў, даныя за 2026 год адносяцца да студзеня–жніўня. Паказчыкі на 1000 дакументаў супастаўныя толькі ўнутры адной крыніцы.

Закон. Рэестр экстрэмісцкіх матэрыялаў сабраны з сайта Міністэрства інфармацыі. Выніковыя лічбы дадзены па перазагрузцы 15 верасня 2026 года (6 018 запісаў), карта і рэйтынг раёнаў пабудаваны па зборы 17 жніўня (5 952 запісы), доля замежных рэсурсаў па разборы 2 верасня. Суды супастаўлены з раёнамі па яўнай табліцы, без аўтаматычнага супастаўлення назваў. Калі ў адным запісе названа некалькі рэсурсаў, лік па даменах заніжаны. Межы раёнаў: geoBoundaries (CC-BY).

Крыніцы. Даныя пра «Гаюн» заснаваны на 5 497 публікацыях з 73 крыніц; 1 077 дакументаў выкарыстаны для вылучэння звестак пра людзей. Даты падзей пазначаны прыкладна ў пятай частцы згадак, астатняе датавана па публікацыі. Мал. 6 перамаляваны па графіку Belarus Brief.

Гендарны пласт. Даныя пра акаўнт узятыя з метаданых TikTok (выгрузка Exolyt, 17 верасня 2026 года) і TGStat (51 згадка ў Telegram, кастрычнік 2025 – красавік 2026). Паказчык азначае колькасць праглядаў; колькі людзей за імі стаіць, невядома.

Ідэнтыфікатары прыватных акаўнтаў з рэестра і з кейса з псеўданімам не публікуюцца.

Rate article
Factсheck LT